ЛІЗАВЕ́ТА І (Elizabeth),

Цюдар (7.9.1533, Грынвіч, цяпер у складзе Лондана — 24.3.1603), англійская каралева [1558—1603], апошняя з дынастыі Цюдараў. Дачка Генрыха VIII. На троне пасля смерці Марыі Цюдар. Пры ёй у краіне канчаткова ўсталяваўся пратэстантызм (англіканская царква), заключаны мір з Францыяй (1559), упарадкавана фін. сістэма, створаны шэраг гандл. кампаній (у т.л. Ост-Індская кампанія), вялася барацьба з каталіцкай апазіцыяй на чале з Марыяй Сцюарт. У знешняй палітыцы ўзмацніліся гандл. і калан. экспансія Англіі (у т.л. ў Ірландыю), саперніцтва за панаванне на моры з Іспаніяй (разгром ісп. «Непераможнай армады» ў 1588). Асабіста падтрымлівала Ф.Дрэйка. Перыяд яе праўлення характарызуецца росквітам навукі, л-ры і мастацтва.

Літ.:

Гусакова Н., Новик В. Две королевы // Женщины-легенды. Мн., 1993.

Лізавета I. Маст. Н.Хіліярд. 1585.

ЛІЗАВЕ́ТА II (Elizabeth; 21.4.1926, Лондан),

каралева Вялікабрытаніі і Паўн. Ірландыі (з 1952), кіраўнік брыт. Садружнасці. Паходзіць з Віндзорскай дынастыі. Да 1936 прынцэса Йоркская. Атрымала хатнюю адукацыю, вывучала канстытуцыйнае права. У 2-ю сусв. вайну ў дапаможных тэр. войсках. Уступіла на прастол пасля смерці свайго бацькі караля Георга VI. Як першая асоба дзяржавы ажыццяўляе прадстаўнічыя функцыі, дзярж. візіты; прэзідэнт шматлікіх грамадскіх і дабрачынных арг-цый.

Літ.:

Брэдфорд С. Елизавета II: Биография Ее величества королевы: Пер. с англ. М., 1998.

Лізавета II.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)